Голосование
Знают ли родители, какие веб-сайты посещают учащиеся ?
Всего 32 человека

Сяброўства пачынаецца з даверу

Дата: 29 января 2015 в 21:17

Сяброўства пачынаецца з даверу

03 13, 2014 

Класнаму кіраўніку ў сістэме школьнай адукацыі заўжды даецца самая важная роля. Менавіта класны кіраўнік адказны за тое, наколькі выхаванымі, справядлівымі і чэснымі будуць яго вучні. І для таго, каб дабіцца правільнага педагагічнага выніку, з класам патрэбна шмат працаваць. Якім чынам будаваць адносіны з вучнямі, на што звяртаць увагу, каб пазбегнуць непаразуменняў, ведае настаўніца англійскай мовы сярэдняй школы № 1 Добруша Гомельскай вобласці — класны кіраўнік 5 “Б” класа Таццяна Леанідаўна Корнева.
Дарэчы, сёлета Таццяна Леанідаўна прымала ўдзел у ІІІ Рэспубліканскім фестывалі педагагічнага майстэрства “Педагог-майстар — маладому настаўніку”. На ім маладая настаўніца прапаноўвала цікавыя ідэі наконт таго, як правільна будаваць работу класнага кіраўніка з бацькамі.

— Таццяна Леанідаўна, год назад вам выпала адказная роля — вы сталі класным кіраўніком. З якімі праблемамі давялося сутыкнуцца?
— Быць класным кіраўніком — гэта вельмі адказная і важная роля. Вядома, што кожны настаўнік павінен несці адказнасць за вучняў. А калі на настаўніка ўскладваецца роля класнага кіраўніка, гэтая адказнасць узрастае ў разы. Скажу шчыра: у той дзень, калі мне даручылі 5 “Б” клас, падалося, што я баюся больш, чым самі вучні. Усё з-за таго, што быць добрым класным кіраўніком вельмі складана. І аднаго майго жадання для гэтага мала. Для таго, каб вучні паважалі і давяралі класнаму кіраўніку так, як бацькам цілепшым сябрам, трэба было згуртаваць клас і пастарацца стаць для навучэнцаў тым самым сябрам, якому можна даверыць любую праблему і не баяцца пры гэтым быць асу-джаным і незразуметым.

— Ці даводзілася вам на пачатку сваёй педагагічнай дзейнасці звяртацца за парадай да вопытных калег?
— І неаднойчы! Напрыклад, як праводзіць урокі, як будаваць размову з вучнямі, я ведала дзякуючы вучобе ва ўніверсітэце. А вось як быць класным кіраўніком, ніхто не вучыць і не расказвае. Застаецца толькі адно: пераймаць вопыт старэйшых калег. Перад тым, як правесці першую класную гадзіну, я размаўляла з некалькімі класнымі кіраўнікамі нашай школы. Менавіта яны мне і растлумачвалі, давалі парады наконт таго, як сябе паводзіць. А каб больш дакладна зразумець, чаго чакаць ад вучняў, на што ў адносінах з імі звяртаць увагу, я размаўляла з той настаўніцай, якая вучыла мой, цяпер 5 “Б”, клас у пачатковых класах. І гэта, шчыра кажучы, мне дапамагло. Я ішла на першы ўрок да сваіх цяперашніх выхаванцаў падрыхтаванай.

— Магчыма, зараз вы ўжо можаце сказаць, якія формы выхаваўчай работы найбольш блізкія для вас як для класнага кіраўніка.
— Думаю, нікому не трэба падрабязна расказваць пра тое, наколькі важным і ў навучальным працэсе, і ў паўсядзённым жыцці з’яўляецца працэс выхавання. Для дзяцей, якія выпусціліся з пачатковых класаў і перайшлі ў сярэдняе звяно, тэма выхавання з’яўляецца найбольш актуальнай. Згадзіцеся: тое, наколькі правільна выхаваным будзе дзіця, залежыць не толькі ад бацькоў, але і ад школы, якая з’яўляецца другім домам для кожнага вучня. І каб вучань у гэтым доме адчуваў сябе камфортна, у школе павінна прысутнічаць атмасфера даверу. Безумоўна, дзеці павінны бачыць і адчуваць, што для настаўнікаў, для класнага кіраўніка ўсе вучні аднолькавыя. Ніхто ні за кога не лепшы. Карацей кажучы, у адносінах з навучэнцамі настаўнік павінен прытрымлівацца справядлівасці. І я лічу, што справядлівасць выхоўвае. Яна спрыяе таму, каб дзеці паступалі правільна, стараліся не нашкодзіць адно аднаму. У дадатак да справядлівасці вартым увагі з’яўляецца і метад станоўчага прыкладу, які ў нашым класе з’яўляецца найбольш дзейсным. Зусім нядаўна некаторыя навучэнцы з майго 5 “Б” уступілі ў шэрагі Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыі. Падчас мерапрыемства дзецям расказвалі пра вядомых піянераў, а таксама ставілі ў прыклад тых прадстаўнікоў БРПА з нашай школы, якія і ў школе, і нават у горадзе сябе станоўча зарэкамендавалі. Увогуле, навучэнцы былі здзіўлены, што нават яны, пакуль што маленькія дзеці, могуць быць карыснымі. На класнай гадзіне, якая праходзіла пасля мерапрыемства, было вырашана, што вясной мы абавязкова пойдзем дапамагаць пажылым людзям, а таксама зоймемся пасадкай дрэў. Дарэчы, гэтыя прапановы паступілі менавіта ад вучняў. І мне было вельмі прыемна, што мае навучэнцы разумеюць, наколькі важнай, неабходнай і прыемнай іх дапамога будзе з’яўляцца для жыхароў нашага горада.

— Таццяна Леанідаўна, магчыма, у вашым класе здараліся канфлікты. Якімі метадамі павінен карыстацца класны кіраўнік, каб вырашыць канфліктную сітуацыю?
— Сучасныя дзеці, і гэта не сакрэт, бываюць у адносінах адно да аднаго даволі жорсткімі і несправядлівымі. Вельмі часта вучні прыдумваюць крыўдныя мянушкі тым, хто ім не падабаецца. І добра, калі той, на каго сыплюцца папрокі, не звяртае на гэта ўвагі. Але сярод вучняў 5 класа такіх асоб няма. Ва ўзросце 10-11 гадоў у дзяцей яшчэ фарміруецца характар, асаблівасці светаўспрымання. Яны яшчэ не ведаюць, як правільна рэагаваць, калі раптам трапляюць у непрыемную сітуацыю. Менавіта па гэтай прычыне класны кіраўнік павінен трымаць клас пад кантролем. Важна ўмець заўважаць па вучнях, што ў класе нешта здарылася. І калі становіцца відавочным, хто каго пакрыўдзіў, мы гуляем у прымітыўную псіхалагічную гульню. Гэтая гульня, дарэчы, даволі дзейсная. Яе сэнс заключаецца ў тым, каб прымусіць таго, хто пакрыўдзіў, перанесці ўсе непрыемныя наступствы на самога сябе. Менавіта такая сітуацыя, якая дапамагае апынуцца ў ролі пакрыўджанага, прымушае задумацца, наколькі правільнымі з’яўляюцца ўчынкі, здольныя пакрыўдзіць чалавека. Думаю, кожны раз, як толькі ў любым з класаў здараецца нешта падобнае, настаўнікі павінны прымяняць вышэйзгаданы метад. Магчыма, вучням старшых класаў такія псіхалагічныя прыёмы не дапамогуць зноў зблізіцца, але задумацца прымусяць. Пачуццём сораму навучэнцы не абдзелены, а гэта значыць, што хаця б на нейкі час стабільнасць у паводзінах хуліганаў з’явіцца. Я буду імкнуцца да таго, каб вучні майго класа былі цэлай камандай, прадстаўнікі якой будуць здольныя абараніць адно аднаго. І каб наблізіцца да сваёй мэты, сутнасць якой заключаецца ў згуртаванні калектыву, я чытаю шмат і педагагічнай, і псіхалагічнай літаратуры. Зноў жа хочацца сказаць, што ў тэме, прысвечанай канфліктам, вельмі карыснымі з’яўляюцца парады метадычнага аб’яднання класных кіраўнікоў, якое дзейнічае ў нас у школе.

— Многія псіхолагі звяртаюць увагу на тое, што некаторыя дзеці любяць хлусіць. Можа, у вас ёсць метады, якія дапамагаюць змагацца з гэтай дзіцячай звычкай?
— Так, дзеці любяць хлусіць. Асабліва малодшыя школьнікі. Але, на шчасце, умела гэта робяць не ўсе. Назіраючы за сваімі навучэнцамі, я зрабіла выснову, што падман-ваць любяць тыя дзеці, якія выраслі ў няпоўных сем’ях. Каб зразумець, адкуль пайшоў падман, чаму схлусіць у дадзены момант нашмат прасцей, чым сказаць праўду, даво-дзіцца зноў ужывацца ў ролю псіхолага. Безумоўна, ні адзін вучань адразу не прызнаецца, навошта ён падмануў. І, каб зразумець сэнс паводзін навучэнцаў, я праводжу з імі гутаркі, стараюся такім дзецям удзяліць больш увагі. Гэта нам дае магчымасць зблізіцца, вучань становіцца больш адкрытым. І як вынік — ён прызнаецца, у чым быў сэнс падману.

— Якім чынам вы як класны кіраўнік будуеце работу з бацькамі?
— Я ўпэўнена, што класны кіраўнік павінен быць цесна звязаны з бацькамі. Чаму? Таму што мы “хварэем” за адну і тую ж справу. І мне, і бацькам хочацца бачыць дзяцей развітымі, эрудзіраванымі і выхаванымі. А гэта значыць, што мы павінны давяраць і падтрымліваць адно аднаго. Скажу шчыра: няма такога дня, каб я не размаўляла з бацькамі. І часцей за ўсё менавіта самі мамы ці таты мне тэлефануюць. Зразумела, такі кантроль над вучнямі звязаны яшчэ і з тым, што яны — пяцікласнікі. Але, паверце, калі бацькі зацікаўлены ў інтэлектуальным, духоўным развіцці сваіх дзяцей, яны абавязкова будуць сачыць за імі і далей, але ў межах разумнага. Дарэчы, у працэсе су-працоўніцтва з сем’ямі не менш важнай формай узаемаадносін з’яўляецца і бацькоўскі сход. Для таго каб ён не праходзіў манатонна, стараюся прыдумваць незвычайныя формы. Напрыклад, распрацоўваю псіхалагічныя гульні, удзельнікамі якіх, як правіла, становяцца выключна дзеці. І гэта добра! Мамы, таты, назіраючы за гульнямі, могуць зрабіць высновы наконт таго, якім, насамрэч, з’яўляецца іх дзіця ў калектыве. Некаторыя дзеці паводзяць сябе заціснута, саромеюцца. А значыць, менавіта гэтыя праблемы і трэба вырашаць у першую чаргу. У будучым планую прадумаць псіхалагічныя гульні, у якіх будуць задзейнічаны ўсе члены сям’і. Не менш цікавай формай арганізацыі сходаў з’яўляюцца інтэлектуальныя гульні. Менавіта іх распрацоўкай я зараз і займаюся. Мэта гэтых гульняў будзе заключацца ў тым, каб зрабіць адносіны ў сем’ях яшчэ больш даверлівымі. Каманды — а іх будзе столькі, колькі навучэнцаў у класе — выберуць капітана і пачнуць шукаць адказы на пытанні. Упэўнена, гэта будзе вельмі займальна.

— Таццяна Леанідаўна, ведаю, што бацькі вельмі актыўна дапамагаюць вам у арганізацыі класных гадзін.
— Так, правядзенне некаторых класных гадзін самыя актыўныя мамы бяруць на сябе. Такія класныя гадзіны тычацца турыстычнай тэматыкі. Мамы прыходзяць у школу і прапаноўваюць маршруты экскурсій. Безумоўна, пакуль што далёка мы не выязджалі. Але экскурсіі ў Гомель і райцэнтры Гомельшчыны былі вельмі цікавымі. Тыя факты, якія былі прыведзены дзецям падчас паездак, абавязкова спатрэбяцца ў будучым. Дарэчы, сумесныя мерапрыемствы такога кшталту таксама збліжаюць. Мне падабаецца, што падчас экскурсій я магу пагутарыць з бацькамі ў неафіцыйнай абстаноўцы, задаць тыя пытанні наконт выхавання, якія мяне як маладога педагога цікавяць і адказы на якія я пакуль што не ведаю. У дадатак да гэтага я магу паназіраць за сваімі выхаванцамі, убачыць, як яны паводзяць сябе з бацькамі па-за межамі школы. А для настаўніка, класнага кіраўніка, які хоча, каб дзеці лічылі яго сябрам і не саромеліся прасіць парады ў любой сітуацыі, гэта вельмі важна. Давер — гэта першая прыступка, якая вядзе да сяброўства.

 

Гутарыла Наталля ДУБІК.

"Настаўніцкая газета"

 

Комментарии:
Оставлять комментарии могут только авторизованные посетители.